Галоўны герой спектакля – Міша Пітунін, звычайны хлопчык, які не вызначаецца адменнымі талентамі. І ўсё ж адзін талент у яго быў – уменне трапляць у пераплёты. З дзяцінства ён раз-пораз апынаўся ў самых розных камічных сітуацыях, што заканчваліся для яго няшчасцямі.
Рос Міша ў савецкія гады, калі адукацыя будавалася на ўдзёўбванні і навязванні чаго-небудзь. У выніку Міша яшчэ ў дзіцячым садзе прасякнуў глыбокай нянавісцю да класіка літаратуры Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, які здаваўся хлопчыку віной усіх бедаў.
Гледачы разам з Мішам пражывуць этапы яго сталення, убачаць, як паступова яго стаўленне да паэта змяняецца. Вобраз Пушкіна ў спектаклі метафарычны. Ён канцэнтруе ў сабе ўсё тое, што галоўнаму герою не падабаецца ў самім сабе, усё, што ён адмаўляецца прымаць і змяняць. Увесь час перасоўваючыся з нашага часу ў пушкінскі, герой даведаецца пра выпадковыя падзеі, што папярэднічаюць той фатальнай дуэлі. Спектакль пралье святло на цікавыя дэталі асабістага жыцця тых, хто атачаў Пушкіна, – Жоржа Дантэса, Луі Гекерна, Наталіі Ганчаровай. І, магчыма, апынецца, што паэта можна было б выратаваць.