Жыццё — гэта чарада дзіўных падзей! Пачынаючы з моманту нараджэння, чалавек спазнае свет: падае, узнімаецца і зноў падае, наракае на лёс альбо атрымлівае асалоду, дзякуе, прымае гэтае цудоўнае Імгненне, у якім і ёсць само Жыццё! І кожны чалавек штодзень робіць выбар: быць шчаслівым ці не быць.
Аднойчы, у сцюдзёную зімовую пару, чалавек, які страціў не толькі сябе, але і сэнс жыцця, просты экскаватаршчык, выйшаў на чыгуначныя шляхі, каб легчы на рэйкі і назаўжды сысці з гэтага свету. Але так проста жыццё яго не адпусціла...
Спектакль «Ехай!» прымусіць задумацца кожнага. Пераплятаюцца лёсы трох людзей, якія думаюць пра жыццё пад рознымі вугламі, якія ўсімі сіламі спрабуюць зразумець меркаванне суразмоўцы. У кожнага ёсць свае праблемы і прычыны рухацца далей. У рэшце рэшт з трох меркаванняў складаецца адна агульная карціна свету, дапоўненая кожным з герояў. І ўсё гэта адбываецца пасярод поля ля чыгуначных шляхоў, што, безумоўна, таксама дадае сваю атмасферу.