У кожнай жанчыны свае планы па жыцці. Былі яны і ў Хелены Рубінштэйн: дзяўчына вырашыла стаць некім вялікім, чым простая хатняя гаспадыня ці прыслужніца. Спектакль пакажа, якой трэба быць жанчыне, каб утрымацца ў свеце бізнесу; як праз клопат пра сваю прыгажосць можна вызваліцца ад непатрэбных стэрэатыпаў; якая роля жаночай самаацэнкі ў жыцці самой жанчыны і грамадства.
Хелена (Хая) Рубінштэйн (1870-1965) – рэальная гістарычная асоба, але спектакль не з'яўляецца яе жыццяпісам. Біяграфія – толькі нагода ў лёгкай, іранічнай, іскрыстай камедыі паказаць, як гэта – стварыць сусветную імперыю бізнесу дзяўчыне родам з кракаўскай яўрэйскай сям'і. Пазней, у Нью-Ёрку, яна стала мільянерам. Слава пра яе была па ўсім свеце, яе партрэты пісалі Пікаса і Далі, яна бліскала ў колах славутасцей, яна заваёўвала ўвагу прэсы, дзякуючы выключынм здольнасцям і велізарнаму жаданню працаваць і перамагаць.