Спектакль «Однажды вечером» – камедыя, у якой ёсць і чароўная рамантыка, і напружаная інтрыга, і галоўнае – вельмі багатая гама пачуццяў ад пагарды да пяшчоты, ад пакуты да асалоды, з узрушальнай шчырасцю, а дакладней сказаць – з праўдзівасцю, якая перадаецца майстэрствам цудоўных акцёраў.
Прысесці на лаўку аднойчы ўвечары і зірнуць на плынь жыцця, у тым ліку і свайго ўласнага, з пункту гледжання пабочнага назіральніка – што абяцае падобнае прадпрыемства? Выпадковую сустрэчу, гутарку з незнаёмым чалавекам ці невыпадковую праўду, якую так хацелася схаваць ад сябе самога? У гэтай лірычнай камедыі ўсё як у жыцці: выпадковая сустрэча ператвараецца ў падзею лёсу, звычайная гутарка перарастае ў высвятленне жыццёвых сэнсаў, а простая лаўка ў простым гарадскім парку робіцца знакам усяго чалавечага існавання. Менавіта тут адбываецца галоўная для сюжэта сустрэча – мужчына і жанчына ладзяць няспешную гутарку, якая праз хлусню, крывадушнасць, ілюзіі і надзеі ўрэшце прыводзіць іх да ўсведамлення сумных, але важных рэчаў.