Гэты спектакль пра вясёлыя прыгоды бедняка Несцеркі, беларускага Хаджы Насрэдзіна, які валодае невынішчальным аптымізмам, розумам і кемлівасцю. Ён блукае па родным краі, ніколі не маркоціцца і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу беднаму люду. Такі ўжо чалавек Несцерка! Сюжэт камедыі пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў, якія здараюцца з галоўнымі персанажамі.
...Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае юнаку ўзаемнасцю. Але маці Насты, строгая і ўладарная кабета Мальвіна прыгледзела для яе іншага жаніха – недарэчнага, смешнага і дурнаватага кар’ерыста - Шкаляра. І тут на дапамогу маладым з’яўляецца Несцерка. Нямала перашкод яму давядзецца пераадолець: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце Шкаляра, ашукаць Суддзю, «адправіць» жаніха-прайдзісвета ў «замежныя краіны» і ўрэшце схіліць непахісную Мальвіну да шлюбу Насты з Юрасём.