Спектакль «Дзеці. Вёрсты» прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Выкарыстоўваючы сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі, сённяшнія творцы тэатра па-аўтарску асэнсоўваюць спадчыну сусветна вядомага айчыннага пісьменніка. Пастаноўка насычана глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычным настроем, яна яшчэ раз паказвае, што жыццё – гэта моцная сумесь трагічных і камічных эпізодаў.
Шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты перасякаюцца на дарозе жыцця. У віхуры ўспамінаў яны аб’яднаны адным пытаннем: куды жыць? Памяць адкрывае старонкі мінулага – адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Класічныя героі з трылогіі «На ростанях» і п’есы «На дарозе жыцця» разам з гледачамі ідуць дарогамі свайго жыцця, шукаюць, як у кругазвароце дзён захаваць нешматлікія імгненні шчасця.