Гісторыі спектакля – быццам спісаныя з жыцця класікам прозы і драматургіі Антонам Паўлавічам Чэхавым. Прасякнутыя тонкай іроніяй і знаходлівым гумарам, яны захапляюць лёгкасцю сюжэта і вытанчанасцю вобразаў. Героі Чэхава – звычайныя людзі, якія ў прапанаваных абставінах выглядаюць смешнымі, чуллівымі, кранальнымі.
«Пра шкоду тытуню»
Іван Іванавіч Нюхін – сапраўдны муж сваёй жонкі, які шукае любую магчымасць, каб у сваіх лекцыях расказаць пра пакуты сямейнага жыцця.
«Юбілей»
Юбілей банка – справа адказная. Але пакуль адныя, як старшыня кіраўніцтва Шыпучын Андрэй Андрэевіч, з хваляваннем чакаюць урачыстасці, іншыя, як бухгалтар Кузьма Мікалаевіч Хірын, займаюцца складанай штодзённай працай. Але ці магчыма па-сапраўднаму засяродзіцца на справе, калі перад вачыма пастаянна мітусяцца то жонка начальніка Таццяна Аляксееўна, то дакучлівыя наведвальнікі з прашэннямі кшталту Настассі Фёдараўны Мярчуткінай, то службоўцы з паперкамі і віншаваннямі?!..
«Прапанова»
Памешчык Іван Васільевіч Ломаў прыходзіць да свайго суседа Сцяпана Сцяпанавіча Чубукова, каб зрабіць прапанову ягонай дачцэ Наталлі Сцяпанаўне. І ўсё магло б вырашыцца паспяхова, калі б не да смешнага бессэнсоўная прынцыповасць у меркаваннях усіх трох герояў, прыперчаная спрэчнымі пытаннямі маёмасці і сабакаводства.
- Працягласць спектакля – 2 гадзіны з антрактам.