Вітаем усіх ад імя каманды арт-паба “Торвальд” у Віцебску.
Цягам амаль пяці гадоў мы былі месцам збору сяброў, моладзі, актывістаў і добрых адказных людей нашага горада. Штогод ў нас праводзілася больш за тры сотні мерапрыемстваў: канцэртаў, прэзентацый, кінапраглядаў, інтэлектуальных гульняў, сустрэч, майстар-класаў і дабрачынных кірмашоў, - вялікая частка якіх мела некамерцыйную, сацыяльную накіраванасць.
Цяпер Віцебск — па афіцыйных і неафіцыйных звестках — знаходзіцца ў цяжкім стане з-за вялікай колькасці хворых і патэнцыйна хворых на COVID-19.
Паколькі забаўкі і пасядзелкі ў пабах цяпер проста небяспечныя, мы хочам зрабіць усё магчымае для нас і дапамагчы тым, каму цяпер цяжэй за ўсіх, – медыкам нашага горада, якія кожны дзень рызыкуюць сваім здароўем і дапамагаюць захаваць жыццё іншых віцебчукоў.
Што мы можам і прапануем зрабіць? Мы будзем гатаваць смачныя хатнія стравы для лекараў, якія працуюць цяпер няспынна.
У нас ёсць памяшканне, абсталяванне і класная сяброўская каманда “Торвальда”. З дапамогай вашых сродкаў мы зможам пакрыць выдаткі і кожны дзень забяспечваць лекараў цёплым паўнавартасным харчаваннем.
Мы загадзя дзякуем вам за падтрымку. Разам зробім невялікую, але важную справу па падтрымцы людзей, ад якіх залежыць (без пафасу) нашае жыццё. Сачыць за праектам і нашымі справаздачамі можна па тэгу #віцебскдлямедыкаў у сацыяльных сетках паба.