“Церам-церамок” — адзін са спектакляў, з якіх мае сэнс пачынаць знаёмства маленькага гледача з “Лялькай”. Менавіта на сцэне нашага тэатра героі вядомай казкі загаварылі і заспявалі на беларускай мове. Апякуюцца ж звяркамі Добры Дзед і Злы Дзед. Чые ўлюбёнцы перамогуць?
У спектаклі шмат лялечных фокусаў. Не толькі дзецям, але і дарослым цікава назіраць, як з дзяжы вырастае цеста і раптам хапае за нос мышку-гаспадыню, як распускаюцца проста на вачах гледачоў кветкі, шчодра палітыя руплівай Жабкай. Дробязі? Але менавіта з іх складаецца шчырае захапленне і выдатны настрой нашых гледачоў.