Вальдэмар Калінін

<<< Назад

kalinin

 

Вальдэмар Калінін

Паэт і асветнік 

Ніколі не думала, што першы свой артыкул па-беларуску напішу дзякуючы цыгану. Не, ён мяне не загіпнатызаваў. Але цыганскі паэт Вальдэмар Калінін так добра размаўляе па-беларуску, што непрыкметна для сябе і я перайшла на родную мову.
 

Аб кнігах 

Напрыканцы жніўня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбылася прэзентацыя дзвюх кніг Вальдэмара Калініна. Першая – даследніцкая праца “Загадки балтийских цыган”, надрукаваная ў Латвіі. Яна прызначана не толькі для спецыялістаў, але і для ўсіх, хто хоча зразумець гэты загадкавы народ. 

Пра другую кнігу пад назвай “Сны цыганоў” (надрукавана яна ў Віцебскай друкарне) раскажу больш падрабязна. Сюды ўвайшлі вершы на чатырох мовах: цыганскай, беларускай, румынскай і англійскай. Пісаліся яны на працягу многіх гадоў па-цыганску, а на беларускую мову творы перакладалі такія майстры, як Рыгор Барадулін, Уладзімір Папковіч, Анатоль Канапелька, Пятро Ламан, Навум Гальпяровіч, Барыс Беляжэнка, Якуб Лапатка, Яўгенія Мальчэўская і Лявон Баршчэўскі.

– Я пішу ад самага маленства, – распавядае Вальдэмар Калінін. – Першы мой верш выйшаў па-беларуску ў “Піянеры Беларусі”, калі мне было 12 гадоў. А гэта кніжка – зборнік маіх вершаў: аб чым баліць маё сэрца, аб чым я мару, што я жадаю свайму народу. У кнізе ёсць аўтарскі артыкул “Аб паэзіі”, у якім Вальдэмар Калінін кажа, што ў “Снах...” спрабуе “…прадставіць цыган такімі, якія яны ёсць, каб людзі не памыляліся ў сваіх адносінах да цыган; безразважліва не ацэньвалі іх незвычайнае жыццё, паводзіны. …Тых, хто шукае ў цыганах толькі незямное, нерэальнае, блазенскае, “вядзьмарскае”, гэта кніга не зацікавіць”. 

Колькі ў яго вершах тугі аб цыганскіх лёсах:

 
Вецер дзьме, і мокры снег ідзе, 
У цыганкі адняліся ногі. 
Зморана галодная брыдзе 
На агеньчык цьмяны, без дарогі.  
Хлопчыка трымае за руку, 
А завея лютая шалее. 
Холадна маленькаму сынку, 
Ён свой лёс яшчэ не разумее.  

…  

 

Вось і хата, дзе святло гарыць, 
Гаспадыня тупае на ганку. 
Пра начлег не хоча гаварыць, 
Праганяе ад дзвярэй цыганку. 
Зноў цыганка цераз ноч брыдзе, За сабою ведучы малога. 
“Дзе ж мы заначуем, дзетка, дзе?” 
І цяпер надзея ўся на Бога.  
(“Мокры снег ідзе”, пераклаў Ул. Папковіч). 

…Аб жыцці вольным, як вецер: 
Праляцела жыццё, жыў нібыта няблага. 
Дом панельны напханы чужымі людзьмі… 
А ці ўспомню, як травы расяныя пахнуць? 
Ці пачую, як коней куюць кавалі? 
Маладосць мая – поўня няясных жаданняў, 
Маладосць мая – вецер ды конь вараны. 
Дождж і снег, дні і ночы ляцелі, як здані, 
А цяпер скразнякі ад сцяны да сцяны…  
(“Я не так апрануты”, пераклаў П. Ламан). 
Віруе шумная бяседа, 
А я ўздыхаю зноў і зноў, 
Душа мяне штурхае збегчы 
У вольны свет – да цыганоў. 
Ад гэтых дам – шыкоўна-млявых, 
Чырвоных, што ядуць і п'юць, 
Хачу я збегчы да цыганак, 
Няхай паскачуць і спяюць…  
(“На бяседзе”, пераклаў Ул. Папковіч).

Усе малюнкі ў кнізе таленавіта зроблены маскоўскім мастаком Мікалаем Бяссонавым. 

Аб аўтары 

Хто ж такі гэты Вальдэмар Калінін, ці, як клічуць яго сябры-ромалэ, Вальдо? Адкуль родам? Нарадзіўся ён, як сам кажа, “пасля вайны, у маі, на ўскраіне Віцебка”. Калі дакладней – 30 мая 1946 года. З'явіўся на свет дзякуючы сустрэчы яго беларускай маці Еўдакіі Зайцавай і бацькі-цыгана Ільі Калініна. Напэўна, менавіта паходжанне пакінула адбітак на светапогляд Вальдэмара Ільіча і на ўвесь яго жыццёвы шлях. 

Дзяцінства Вальдо прайшло ў Віцебску, дзе ў 1964 г. ён скончыў сярэднюю школу. Потым некалькі гадоў жыў у г. Калініне (цяпер Цвер), вучыўся на факультэце замежных моў Калінінскага педінстытута. Пасля таго, як адслужыў у паветрана-дэсантных войсках, у 1970 г. вярнуўся ў Віцебск і працаваў настаўнікам, быў загадчыкам кафедры замежных моў Інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Потым стаў вольным перакладчыкам рэлігійнай літаратуры. Тады хрысціяне Ірландыі запрасілі яго трохі падвучыцца тэалогіі. У Белфасце ён скончыў Біблейскі каледж. Мае дыплом выкладчыка рэлігіі, пастара. У Ірландыі зацікавіўся старажытнымі яўрэйскай і грэчаскай мовамі. Бо агульнавядома, што Стары Запавет перакладзены з яўрэйскай мовы, а Новы Запавет – з грэчаскай. Давучваўся ў хрысціянскай школе, адкуль яго запрасілі ў Лондан на навуковае пасяджэнне. Выступленне ўсім спадабалася, прапанавалі застацца. Але вярнуўся у Віцебск. Хадзіў у сінагогу вывучаць ідыш. Ужо тады пачаў перакладаць Біблію. Раптоўна пазванілі з Лондана: прыязджай. І ён разам з дачкой Хрысцінай у 1995 г. пераехаў у Лондан, дзе жыве і зараз. Вальдэмар Калінін – падданы Брытаніі, але захоўвае беларускі пашпарт. 

– Я не лічу сябе эмігрантам, – тлумачыць Вальдэмар Ільіч, – і я не эмігрант. Я паехаў працаваць. Вальдэмар Калінін кажа, што беларусы, пакінуўшыя Бацькаўшчыну, якія ніколі ў жыцці не размаўлялі па-беларуску, там, у Лондане, усе пачалі размаўляць паміж сабой на роднай мове. 

– Мы шануем толькі бел-чырвона-белы сцяг, спяваем гімн “Магутны Божа”, – працягвае споведзь Вальдо. – Я – не палітык, я за адукацыю. У нас ёсць дзіцячы садок, куды па суботах прыходзяць дзеці беларусаў, каб навучыцца роднай мове. Я ўсюды кажу, што мая Радзіма – Беларусь.

 
О край мой – жыцця вытокі! 
Імкнуся да вас здаля, 
Найлепшыя ў свеце аблокі, 
Найлепшая ў свеце зямля. 
Адсюль мой узлёт крылаты, 
Тут спрадвечная спадчына, 
Буслы над бацькоўскай хатай, 
Незабыўная песня матчына.  
(“Майму роднаму месцу”, пераклаў А. Канапелька). 

Аб цыганах 

Усім вядома, што цыганы не ўяўляюць свайго жыцця без коней, песень, танцаў. Цыганская частка душы Вальдэмара Калініна марыць аб тым, каб яго суродзічы маглі не толькі размаўляць і пець па-цыганску, але чытаць і пісаць. Наш зямляк з'яўляецца аўтарам падручнікаў па цыганскай мове “Вучыцеся гаварыць па-цыганску” і “Чытаем разам з дзецьмі”, якія выйшлі ў Лондане.


Памяць ад цыганоў засталася, 
“Раманэс” – кожны гук яе люб, 
Гэтай мове бацькоў цыганяты 
Навучаюцца з матчыных губ.  
Хай на словы яна небагата, 
Захавала пласты даўніны. 
Беларускія словы і гукі 
У цыганскай гаворцы чутны. 
Каб свяцейшым зрабілася свята, 
Дзецям даць трэба мову бацькоў. 
І пісьмовай цыганская мова 
Мусіць стаць – спадкаему вякоў.  
(“Цыганская мова”, пераклаў Р. Барадулін). 

У 1990 г. Вальдэмар Калінін пачаў перакладаць на цыганскую мову Евангелле і завяршыў гэтую працу ў 2001 г. На працягу 11 гадоў выходзілі ў друк у розных краінах асобныя кнігі Слова Божага ў яго перакладзе на цыганскую мову. 
– У 2002 годзе ў Нямеччыне пяцітысячным накладам выйшла кніга “Новы Запавет. Псалмы. Прытчы”. Значную частку накладу я прывёз у Беларусь і раздаў беларускім цыганам. Рыхтую да выдання поўны тэкст Бібліі па-цыганску, – усхвалявана працягвае Вальдо. 
Вальдэмар Калінін – аўтар многіх артыкулаў пра культуру, мову цыган, сацыяльныя адносіны паміж імі. Яго публікацыі з'яўляліся ў рускім, англійскім, французскім, індыйскім друку. Сярод іх ёсць пераклады цыганскіх і беларускіх казак на англійскую мову. 
У Лондане Вальдэмар Ільіч арганізаваў музычны гурток, дзе кожны жадаючы можа навучыцца пець і танцаваць па-цыганску. Туды прыйшлі і тыя цыганы, якія, калі заходзіла размова пра тое, каб вучыцца ў школе, адказвалі: “Мы, цыганы – вольныя людзі. Навошта нам школа? Мы і так усё ведаем, і так разумныя”. І ўсе гэтыя “разумныя” запісаліся ў гурток, дзе, з дапамогай ралявых гульняў, іх навучылі пісаць па-цыганску. Сюды таксама прыходзяць і англічане. 
“Вальдэмар Калінін – асветнік, верны, удзячны сын свайго народа. Ён дарагі і блізкі тым беларусам, якія любяць і шануюць сваю родную мову, свой мілы край, родны і любы цыганам, татарам, яўрэям, рускім, украінцам і ўсім, хто знайшоў на Беларусі свой дом”, – так пра паэта піша таксама паэт Навум Гальпяровіч. 
А Вальдэмар Калінін у вершы “Цыганёнак родны” ў перакладзе таго ж Н. Гальпяровіча, робіць выснову: 

…Мы ўсе на свеце – людзі, 
І зямля – агульны дом.  

Алена АЛІМАВА. 

ETPVIT.BY - ЭЛЕКТРОННАЯ ТОРГОВАЯ ПЛОЩАДКА

Каталог товаров и услуг
Дом и квартира
Дом и квартира
Строительство и ремонт
Строительство и ремонт
Работа и бизнес
Работа и бизнес
Семья и дети
Семья и дети
Шоппинг
Шоппинг
Торговые центры, рынки1
Торговые центры, рынки
Отдых и развлечение
Отдых и развлечение
Услуги в Витебске
Услуги в Витебске