Вулiчныя танцы па-беларуску

Лета. Горад. Жыццё пульсуе, і мы не мусім ад яго адставаць. У гэты дзень, 28 чэрвеня, на свята нашага горада, прапануем паспрабаваць патрапіць у рытм Віцебска, ці наогул – самастойна стварыць яго. Як? Мы будзем таньчыць!
Разам з вамі! Самыя гарачыя і самыя родныя танцы – тыя, што ведалі і любілі ў нашым краі спрадвеку.
Пад жывы акампанемент дуды ды скрыпкі ногі самаходзь пускаюцца ў скокі. Развучваць народныя беларускія танцы будзем разам са “Студэнцкім этнаграфічным таварыствам горада Віцебска” (гурт “Паўночная Сухадроўка”). Адкрытае паветра і месцайка каля помнiка Пушкiну відавочна паспрыяюць агульнай атмасферы весялосці і святочнасці, але каб усё атрымалася максімальна ўрачыста і нейк па-гараджанску годна – заклікаем прыходзіць да нас у беларускіх строях ці элементах строя. То ўмова не абавязковая, але ўявіце, як файна будзе, калі ў гэты дзень мы апранем кашулю і адчуем сваю прыналежнасць да гэтай зямлі, самаідэнтыфікуемся ды дададзім тым урачыстасці падзеі.
Танцавальны майстар-клас адбудзецца 28 чэрвеня з 16.00. Для нас будуць граць запрошаныя музыкі з горада Лепеля, а беларускія дзяўчаты і хлопцы з Віцебска і іншых гарадоў нашай краіны будуць заахвочваць вас да таньчыкаў, навучаць і даваць карысныя парады. Сёлета зрабіць імрэзу ўдалай і насычанай нам дапамагаюць “Рэтра-Таксі”, юрыдычная кампанія “Міравое пагадненне”, рэстарацыя беларускай кухні “Лямус”, пітная вада “Віта”, а таксама ”Дзвінскі Бровар”, які пачастуе ўдзельнікаў смачным і смагаспатольным квасам. Тое, што патрабуецца падчас гарачых танцаў!
Нават калі ніколі раней вашыя ножкі не стваралі аніякіх выкрутасаў, гэтым днём ім будзе працы – надзвычай прыемнай і лёгкай у асваенні. Чакаем усіх-усіх! Дарослых і маленькіх, экстравертаў і інтравертаў, аматараў танцаў і тых, хто “проста прыйшоў паглядзець”! Завітвайце да нас а 16 гадзіне 28 чэрвеня на пляцоўку ля помніка Пушкіну (вул. Талстога)! Будзьма таньчыць!
Мерапрыемства ладзіцца ў межах святкавання Дня горада і пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Марына Пятрова




















