Новы гарадскі фэст KARTONKA публікуе поўную праграму актыўнасцей. Кульмінацыяй вечара 2 ліпеня стане выступ гуртоў NIZKIZ, Bez.Not, Нагуаль і De Puta Madre Banda.
2 ліпеня ва ўнутраным двары карданажна-паліграфічнага камбіната “Пакроўскі”, вул. Пакроўская,5 з 12:00 і да самай ночы маладыя гарадскія актывісты зладзяць культурную “акупацыю” на тэрыторыі амаль у 1500 кв.м.
“Ідэя правядзення фэста KARTONKA ўзнікла ў выпускнікоў нашых адукацыйных курсаў “Віцебскі арнамент” Наташы Дагіль і Сашы Канашонка і мы з радасцю паспрабавалі дапамагчы ім у рэалізацыі маштабнай падзеі. - распавядае Уладзімір Булаўскі, адзін з каардынатараў “Віцебск для мяне”. - Да арганізацыі фэста ўжо спрычыніліся дзясяткі людзей і ініцыятываў, асабліва хочацца адзначыць “Аліварскі квас”, які стаў генеральным партнёрам фэста, ГКК “Будзьма беларусамі!”, непасрэдна адміністрацыю карданажна-паліграфічнага камбіната “Пакроўскі” і кіраўніцтва Віцебскага гарвыканкама. У чым галоўная ідэя фэста? Быць свабодным у праяўленнях сваёй творчасці: ад мастацкіх праяваў да выбару лакацыі для нашых актыўнасцей. Мы разлічваем, што ініцыятыва атрымае станоўчы водгук у жыхароў гораду і, перш за ўсё, суседніх вуліц, і з часам ператворыцца ў вялікі мастацкі форум”.
Тэрыторыя правядзення фэста KARTONKA будзе падзелена на 9 зонаў актыўнасцей і будзе размеркавана па часе на ўвесь дзень. Яна будзе ўключаць наступныя часткі: адукацыю, кіно, маркет (кірмаш ад майстроў hand-made і творчых аб’яднанняў), мастацкую выставу і арт-аб’екты, фудкорт з вулічнай ежай, музычную сцэну, дзіцячую зону і зону адпачынку, адмысловая пляцоўка для актыўнасцей ад “Аліварскага квасу”, а перад фабрыкай на вул. Красіна будзе месціцца пляцоўка для віцебскіх ды-джэяў і танцавальных майстар-класаў.
Дзве галоўныя адметнасці фестываля - ён будзе безалкагольным і плануецца вольны ўваход для ўсіх жадаючых.
Праграма фэста KARTONKA:
12:00 - 20:00 - маркет (кірмаш ад майстроў hand-made і творчых аб’яднанняў);
12:00 - 22:00 - фудкорт з вулічнай ежай, квасам і іншымі смачнасцямі;
12:00 - 20:00 - пляцоўка для ды-джэяў і танцавальных майстар-класаў
13:00 - 17.00 - дзіцячая пляцоўка з мастацкімі майстар-класамі, аніматарамі і "Літаратурнай Масла(е)ніцай" - з Аленай Масла і інтэрактыўным тэатрам нечаканых гісторый - з Васілём Дранько-Майсюком;
12:00 - 22:00 - мастацкая выстава і арт-аб’екты ад віцебскіх мастакоў і праекта F33;
13:00 - 20:00 - адмысловая пляцоўка для актыўнасцей ад “Аліварскага квасу”.
Адукацыйная пляцоўка:
13:30 - "Искусство портить(?) стены: формы стрит - арта и его особенности на постсоветском пространстве" - мастацтвазнаўца Марына Карман;
15:00 - "Як увязацца ў вандроўку на выжыванне? Натхняльная гутарка на прыкладзе Мангольскага ралі" - вандроўнік Барыс Нікалайчык;
16:00 - "Не то и не так. Артист как техническая ошибка"
- разважанні пра наяўную культурную сытуацыю., культуролаг Максім Жбанкоў.
Музычная пляцоўка:
17.30 - 21:30 - з удзелам гуртоў De puta madre banda ( Віцебск), Нагуаль (Мінск), Nіzkiz (Магілёў) Bez.Not (Магілёў).
Кінапляцоўка:
22:00 - упершыню ў Віцебску - паказ паўнаметражнага "Вакол Беларусі на роварах". Прэзентуе адзін з аўтараў фільма Барыс Мікалайчык;
23:30 - караткаметражная праграма ад кінафэста Cinema Perpetuum Mobile.
У праграме магчымыя змены. Уваход на мерапрыемствы бясплатны.
Генеральны партнёр фестываля "Аліварскі квас". Фэст праводзіцца пры падтрымцы СКУ "Віцебск для мяне", ГКК "Будзьма беларусамі!", Аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама, ААТ “Карданажна-паліграфічны камбінат “Пакроўскі”. Афіцыйны іфапартнёр gorodvitebsk.by
Інфалінія +375259508191