Запрашаем Вас на адкрыццё выставы "Беларускі плакат. Візуальны код часу", якая арганізавана Беларускім саюзам дызайнераў сумесна з ВДТУ.
Для праекта ёсць дзве нагоды – па-першае, трыццацігоддзе Беларускага саюза дызайнераў, творчага саюза, які аб’ядноўвае больш за 600 спецыялістаў у вобласці дызайна ўсіх напрамкаў (прамысловы, графічны, фэшн-дызайн, дызайн інтэр’ераў, віртуальнага асяродку, фотаграфіка, арт-менеджмент і педагогіка). І плакат – адна з найбольш відавочных і выніковых праяў дызайн-дзейнасці ў Беларусі.
Па-другое, выстава – гэта запланаваная частка буйнамасштабнага доўгатэрміновага праекта па захаванню спадчыны беларускага плаката, вынікам якога стане стварэнне лічбавага архіву, сайту і альбома-каталога.
На выставе будзе прадстаўлена больш за пяцьдзесят плакатаў розных часоў, выкананых беларускімі аўтарамі, пачынаючы з малавядомых шэдэўраў даваеннага перыяду да твораў– У.Цэслера, В.Войчанкі, А.Кітаевай, Д.Сурскага, Т.,Гардашнікавай , Р.Найдзена, Ю.Тарэева і іншых знакамітых аўтараў, а таксама плакаты студэнтаў Віцебскага Дзяржаўнага Тэхналагічнага Універсітэта. Мастацкі твор, крыніца інфармацыі, гістарычны дакумент – беларускі плакат між іншых відаў мастацтва заслугоўвае асаблівай увагі. Ён, як нацыянальная мастацкая з’ява – найбольш вядомы і прызнаны па-замежамі нашай краіны, дзякуючы перамогам у прэстыжных міжнародных конкурсах і біенале. Беларускія плакаты знаходзіцца ў буйнейшых музеях і калекцыях Свету (музей плаката ў Вілануве (Варшава, Польша), Мараўскай галерэі (Брно, Чэхія), Луўры (Парыж, Францыя), музеі плаката ў г. Лахці (Фінляндыя), музеі плаката ў г. Таяма, Осака (Японія), Смітсанаўскім інстытуце (ЗША) і інш.). Пры гэтым у Беларусі для многіх плакат застаецца своеасаблівай “terra incognita”. У свеце гэтай відавочнай несправядлівасці, варта наўпрост прыйсці і пераканацца ў значнасці і прыгажосці гэтага віда мастацтва, вартага мець і на радзіме ўласны музей.