Адбудецца прэзентацыя выставы “Тэатр у люстэрку часу”, прысвечанай 90-годдзю заснавання Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Адкрыцце выставы ўваходзіць у шэраг мерапрыемстваў па урачыстым святкаванні юбілея тэатра.
Тэатр імя Якуба Коласа з самага пачатку адрозніваўся ад іншых тэатраў Беларусі. Па-першае, гэта быў не абласны тэатр, а тэатр рэспубліканскага значэння. Па-другое, тэатр ніколі не быў правінцыйным, так як яшчэ ў студыйны перыяд увабраў традыцыі маскоўскага тэатральнага жыцця, МХАТаўскай школы, бо быў створаны з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Сёння гэта адзін з вядучых тэатраў Беларусі, які любяць і якім ганарацца і жыхары Віцебска, і культурная грамадскасць краіны.
Экспазіцыя выставы складаецца з прадметнага рада, тэатральнага рэквізіту, фотадакументаў, кніг, дакументаў з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна.
Прадстаўленыя тэмы “Творчае жыццё і дзейнасць Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа” у розныя перыяды (1926 – 1944 г.г., 1944-1980 г.г., сучасны перыяд) даюць глядачу ўяўленне аб гісторыі тэатра, аб яго знакамітых акцёрах і спектаклях ад часу стварэння тэатра да сённяшняга часу.
Спадзяемся, што выстава “Тэатр у люстэрку часу” выкліча вотгук у сэрцах наведвальнікаў і зацікаўленасць сучаснай творчай дзейнасцю тэатра.