Чарговы праект Таццяны Козік, як заўжды, уражвае канцэптуальнай і вобразнай цэласнасцю, шырокім дыяпазонам творчых пошукаў і эксперыментаў. А яшчэ паэтычнасцю, прасветленай настраёвасцю, метафарычнасцю, сімвалізмам і нават загадкавасцю вобразаў у прадстаўленых у экспазіцыі тэкстыльных кампазіцыях. І канешне ж, – глыбінным адчуваннем мастачкай сваіх каранёў. Па словах самой мастачкі, яна выхавана на творчасці народных майстроў роднага Хоцімска. Без усялякага сумнення на станаўленне Т. Козік у сярэдзіне 1980-х моцна паўплываў і прыбалтыйскі тэкстыль, у якім імкненні да эксперыментальнасці і навацыйнасці заўжды суседнічалі з вялікай павагай да нацыянальных традыцый. Не выпадкова, адзін з першых габеленаў, зробленых мастачкай яшчэ ў 1988 годзе, насіў назву “Мне сняцца сны аб Беларусі” (захоўваецца ў фондах Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэту).
Усе творы, уключаныя ў дадзеную экспазіцыю, канцэптуальна і тэматычна ўзаемазвязаны. Цеплыня характэрызуе не толькі каларыстычны строй большасці яе твораў, але і вобразны, становіцца адной з сэнсавых дамінантаў, адлюстраваннем радаснага, сонечнага святла, узнятага настрою. Камертонам вобразнасці ў пераважнай большасці твораў Таццяны Козік з’яўляюцца ўжо самі назвы. Звычайна гэта вельмі паэтычныя, але разам з тым, канцэптуальна ёмкія словазлучэнні, ці радкі вершаў. Вершаваныя радкі - не проста паэтычная падтрымка, а частка яе светаадчування, яе творчай выразнасці. Менавіта ўсё вышэй адзначанае і надае творчасці Т. Козік песенны характар.
Птушка, вольнае паветра – ці не самыя распаўсюджаныя і сімвалічныя вобразы ў творчасці Таццяны Козік. Яны, перш за ўсё, злучаны з дзіцячымі ўспамінамі, а да таго ж, выразна адлюстроўваюць яе сёняшнія мары, думкі і пачуцці. І разам з тым, гэта рэфлексія на паэтычную творчасць яе “другой паловы” – вядомага беларускага паэта Алеся Аркуша, у якога ёсць і такія радкі: “Над лесам птушкі праляцелі. Яны пасьпець кудысь хацелі. У кожнай ёсць душа і цела. І цела за душой ляцела”.
Асобна трэба сказаць пра мову твораў. У габеленах і тэкстыльных пано Таццяна Козік надае асаблівую ўвагу аб'ёму. Менавіта “смага” аб’ёму натхняе яе і на працу над тэкстыльнымі аб’ектамі. Мастачка звычайна ўжывае змешаную тэхніку, але часам выкарыстоўвае і элементы гладкага ткацтва. Ці не самы ўлюбёны матэрыял Т. Козік – лён. Але мастачка, працуючы над сваімі кампазіцыямі, у вольных спалучэннях выкарыстоўвае самыя розныя матэрыялы – воўну, лён, сінтэтыку, скуру, дрэва, металічную сетку… Традыцыйнасць у работах Таццяны Козік выдатна спалучаецца з даволі эфектнымі эксперыментамі з пластыкай, формай і матэрыялам.
У кампазіцыях, што зроблены ў тэхніцы батык, яна пазбягае яркіх колераў, імкнецца да танальнай гармоніі. Перавага аддаецца эмацыянальнай выразнасці. Нярэдка батыкі мастачкі складаюцца ў серыі, дамінуючым яднаючым элементам у якіх становіцца колер.
Дызайн жаночага адзення - гэта своеасаблівы, лагічны і вельмі яскравы працяг творчасці Т. Козік у галіне становых форм тэкстылю. У эспазіцыі можна ўбачыць усяго толькі адну з калекцый ільняной вопраткі, якія ў апошнія гады неаднойчы прэзентаваліся як на Беларусі, так і за яе межамі.
Творы Т. Козік - гэта не толькі выдатная спроба замацаваць у нашым часе паэтыку і традыцыі беларускага ткацтва, але і своасаблівае жаданне звярнуць увагу на магчымасці сучаснага тэкстылю. І хочацца, каб гэты “Рух у блакітнай прасторы” і “Эйфарыя разняволенага палёту” мастачкі не толькі доўжыліся бясконца, суправаджаліся творчымі ўдачамі і здабыткамі, але і выклікалі ў гледачоў цёплае ўражанне ад блакітнага неба і веснавога сонейка, заўжды натхнялі і ўздымалі творчы настрой.
Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, куратар выставы