Каб дасягнуць шчасця ў жыцці, трэба быць добрай, сціплай, спагадлівай, чуллівай і, канешне, працавітай. Менавіта такая і ёсць Папялушка, галоўная гераіня аднайменнага спектакля. Яна больш за іншых заслужыла наведаць каралеўскі баль. Папялушка робіць усё магчымае, каб яе злая мачаха і сварлівыя зводныя сёстры былі задаволеныя, але ў падзяку атрымлівае толькі штодзённыя папрокі і пакаранні. Абараніць яе не можа нават родны тата Ляснічы. Але выратаванне ёсць! Хросная Фея і яе вучань Паж! Некалькі яркіх, неверагодных цудаў – і вось Папялушка ў чароўнай сукенцы і крыштальных туфліках едзе на дзівосны баль. Там ціхмяную прыгажуню адразу заўважае Прынц, не разлучаецца з ёй увесь вечар. Узнікае каханне... Але ж на ўзаемнае прызнанне не стае часу... Як вядома, у казцы ўсё скончыцца шчасліва, і згублены крыштальны туфлік дапаможа Папялушцы стаць прынцэсай.