Выстава жывапісу Ю.А. Якімовіча прымеркавана да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін, які адзначаецца ў свеце штогод 18 красавіка.
- Выстава прысвечана вядомаму даследчыку беларускага драўлянага дойлідства, архітэктару і самабытнаму мастаку Юрыю Якімовічу. На экспазiцыi прадстаўлена больш за 20 жывапісных прац мастака. Юрый Якімовіч нарадзіўся ў Мінску, а ў 1986-м пераехаў у Віцебск, выкладаў на худграфе педінстытута (цяпер ВДУ імя П.М. Машэрава). У апошнія гады жыцця Юрый Аляксандравіч выдаў дзве кнігі - "Помнікі цаглянага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX - пачатку XX стагоддзяў" і "Архітэктура Беларусі XVI - сярэдзіны XVII стст. Даведачнае кіраўніцтва». Навуковыя працы Юрыя Якімовіча ўнеслі значны ўклад у вывучэнне гісторыі беларускай культуры і сталі вучэбнымі дапаможнікамі студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Юрый Якімовіч вывучаў гісторыю беларускай архітэктуры, у прыватнасці, драўлянае дойлідства Палесся XVII - XIX стагоддзяў, якое прэтэндуе ўвайсці ў спіс каштоўнасцяў ЮНЕСКА, а таксама дзейнасць мастакоў XIX стагоддзя - Напалеона Орды, Юзэфа Пешкі, Дзмітрыя Струкава i iншых.
- Выстава будзе цікавая для усiх узростаў, таму што усе культурныя і гістарычныя помнікі з'яўляюцца сведкамі сваіх эпох. Толькі яны могуць распавесці падрастаючым пакаленням аб іх гісторыі, тым самым абудзіць нацыянальную самасвядомасць, любоў да сваёй радзімы, павагу да яе гісторыі і культуры.