г. Витебск, ул. Замковая, 2
+375 212 62-63-81
Стары чалавек праз гады ўспамінае сваё мінулае. Ён быў юнаком і кахаў Алёну. Тады і яна прыгарнулася да яго. Але з’явіўся служка пана Ілля, разбурыў прыгожую гісторыю жаданнем валодаць і прымусам узяў Алёну ў жонкі. Смутак ахапіў галоўнага героя. А на сваім вяселлі Ілля плоціць Арцёму, каб той прапанаваў нешчасліваму юнаку выпіць загаворанай гарэлкі. Моцная крыўда і атрута нараджаюць у юнака жаданне помсты. І вочы ягоныя пачынаюць гарэць па-ваўчынаму. І людзі пужаюцца. А сам ён пераўтвараецца ў ваўкалака – звера, пярэваратня, які бегае па лясах і можа толькі наводзіць страх на былых аднавяскоўцаў.
Ваўкалак не мае спакою, атручваецца нянавісцю да людзей, замешаных у ягоным няшчасці. Ён спрабуе спатоліць нянавісць злоснымі ўчынкамі - крадзе маленькую Ганну, дачку Арцёма. Але помста не прыносіць палёгкі, а даводзіць да глыбокай роспачы. Ваўкалак шкадуе пра ўчыненае, і пакута, разуменне каштоўнасці дабра дае шанс на выратаванне. Ад людзей ён чуе пра чараўніцу Аксінню, якая ўмее ператвараць людзей да звяроў і наадварот. Каля хаты Аксінні сустракаецца з ужо дарослай Ганнай, няшчаснай ад таго, што ваўкалак некалі скраў яе ў бацькоў. І ўрэшце ён прызнае, што «сам сябе зрабіў ваўкалакам». Юнак становіцца на шлях навяртання – звароту да чалавечага жыцця, якое амаль што згубіў.