ВЫНIКI КОНКУРСУ "ШКОЛЬНЫ ТЭАТР - 15"

Пятнаццаты год запар артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа саступаюць сцэну маладым талентам Віцебска. 18 і 19 красавіка ў конкурснай праграме сцэнічных чытанняў “Школьны тэатр-15” выступілі пераможцы раённых аглядаў: драматычныя калектывы 45 СШ (“Кветка для анёлка” І.Сідарука), 3 СШ (“Страшнік Гам” П.Васючэнкі), 31 СШ (“Меч і здрада” Л.Дайнекі), тэатр “Аншлаг” 21 СШ (“Шукайце кветку папараць” Г.Каржанеўскай), узорны тэатр “ТэСт” 4 СШ (“Верыць і любіць” па матывах твораў У.Караткевіча), тэатральныя калектывы гімназій № 1 (“Вераб’іная ноч” А.Дударава), № 2 (“Францыск Скарына або Сонца маладзіковае” А.Лойкі), № 5 (“Амністыя” М.Матукоўскага), № 8 (“Арэлі” Дз.Балыка), тэатры Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна (“Кацёл з каменьчыкамі” У.Караткевіча і аўтарскі спектакль “Споведзь лішніх”). У якасці гасцей у Віцебск запрасілі тэатр “Рэха” Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў № 1 са спектаклем “Хлопчык на даху” К.Ткачовай.

Ацэньвала работы школьных калектываў аўтарытэтнае журы: прафесар, доктар мастацтвазнаўства Таццяна Катовіч, тэатразнаўца, рэжысёр Юрась Іваноўскі, галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Ігар Баярынцаў, вядучыя артысты-коласаўцы, прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і рэспубліканскай прэсы. Пераможцы атрымалі прызы і дыпломы, зацверджаныя Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, аддзелам адукацыі Віцебскага гарвыканкама. Спецыяльныя прызы заснавала сёлета выдавецтва “Літаратура і мастацтва”. Прадстаўнік гэтага выдання Алена Мальчэўская ўручыла пераможцам лепшыя кніжныя навінкі Беларусі.

Пераможцы фестывалю

Галоўны прыз фествалю атрымаў драматычны калектыў віцебскай гімназіі №2 (кіраўнік Э. Петрачэнка) за спектакль «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» Алега Лойкі.

Першае месца падзялілі паміж сабой калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска пад кіраўніцтвам Т.Куценкі (за спектакль «Кацёл з каменьчыкамі» Уладзіміра Караткевіча) і ўзорны драматычны калектыў «ТэСт» СШ №4 (кіраўнік Г. Мароз, за спектакль «Верыць і любіць» паводле казкі Ул. Караткевіча «Лебядзіны скіт»).

За другое месца былі ўганараваны школьны тэатр гімназіі №1 Віцебска (кіраўнік Т. Быкава, за спектакль «Вераб’іная ноч» А. Дударава) і драматычны калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна (кіраўнік Я. Літвінко, за аўтарскі спектакль «Споведзь лішніх»).

За трэцяе месца – калектыў СШ №31 Віцебска пад кіраўніцтвам Л. Купчанкі (за спектакль «Меч і здрада» паводле рамана Л. Дайнекі «Меч князя Вячкі») і драматычны калектыў СШ №45 (кіраўнік А. Чачанец, за спектакль «Кветка для Анёлка» Ігара Сідарука).

Прыз глядацкіх сімпатый уручылі школьнаму тэатру віцебскай СШ №3 (кіраўнік І. Пахальчак) за спектакль «Страшнік Гам» Пятра Васючэнкі.

Атрымалі свае ўзнагароды і асобныя выканаўцы – Іван Вышка (гімназія №1) і Уладзіслаў Шыбека (гімназія №2) – за лепшыя мужчынскія ролі. Ганна Лапцёнак (СШ №3) і Аксана Мяснікава (ЦТДМ Першамайскага раёна) – за лепшыя жаночыя ролі. Аляксей Платонаў (СШ №21), Аляксей Анісеня (СШ №3) і Марыя Недашкоўская (гімназія №8) – за лепшыя ролі другога плану. Марыя Чырыкава (СШ №45) – за лепшую ролю Анёлка ў спектаклі «Кветка для Анёлка».

 

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

 

 

читать все новости Витебска >>>