БЫВАЙ, ДАРАГАЯ ЛЮДМІЛА ІВАНАЎНА!

23 мая 2011 года на 71-м годзе жыцця перастала біцца сэрца заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Іванаўны Пісаравай. Яна вельмі любіла жыццё, сваіх блізкіх, прафесію, старалася дапамагчы ўсім, хто сутыкаўся з ёю па шматлікіх праблемах. “Калі б не стала актрысай, абавязкова была б доктарам,” - сцвярджала Людміла Іванаўна. Але цяжкая хвароба не пашкадавала яе. А магла б яшчэ столькі зрабіць у любімай прафесіі! Менавіта ў сталым узросце з’явіліся самыя жаданыя ролі.


Самабытная нацыянальная артыстка. Прафесійную падрыхтоўку атрымала ў студыі тэатра імя Якуба Коласа. Людміла Пісарава прыйшла ў студыю тэатра ў 1963 годзе не маладзенькай дзяўчынкай, а сталым чалавекам з багатым жыццёвым вопытам. Яе вучылі Цімох Сяргейчык, Барыс Браганцаў, Фёдар Шмакаў. Шлях на знакамітай сцэне пачаўся з маленькіх роляў, эпізодаў такіх, як Косава (“Жыве на свеце жанчына” З.Аграненкі), Анфіса (“Пунсовая кветачка” Л.Браўсевіч, І.Карнавухавай), Лапкіна (“Чатыры крыжы на сонцы” А.Дзялендзіка). Рэжысёр-педагог Барыс Эрын вельмі цаніў яскравы талент беларускай актрысы, якая вельмі добра ўлілася ў акцёрскі ансамбль пастаўленага ім на коласаўскай сцэне спектакля “Улада цемры” Л.Талстога.
З першых значных роляў Людміла Іванаўна Пісарава раскрыла сябе як актрыса драматычнага тэмпераменту. Майстар вострага псіхалагічнага малюнка, яна пераконвала, літаральна ўзрушвала праўдзівасцю сцэнічнага пражывання ролі. Асабліва гэта датычыць шматлікіх вобразаў простых беларускіх жанчын. Прыгадаем Ульяну Юрскую са спектакля “Трывога” А.Петрашкевіча. Пазней Людміла Пісарава знялася ў фільме “Нядзельная ноч” паводле гэтай жа п’есы. Актрыса настолькі ўзрушыла гледачоў і крытыку, што ў некаторых нават узнікла сумненне: гэта прафесійная актрыса ці ўзяты з жыцця дакументальны персанаж. Немагчыма забыць гора маці Буслая са спектакля “Парог” А.Дударава, якой прыносяць жудасную вестку аб смерці сына. Яна не плача, не лямантуе – хворая, не ў стане сысці з печы, з распушчанымі сівымі валасамі і скаваным ад невыноснага болю тварам, толькі надрыўна стогне і павольна разгойдваецца з боку з бок. Сярод вобразаў простых жанчын нельга не прыгадаць Мальвіну (“Несцерка” В.Вольскага), Хрысціну Сымонаўну (“Вежа” А.Дударава, У.Някляева), Зоську (“Сылгалі Богу, сылгалі…” А.Ждана).


Людміла Іванаўна Пісарава стварыла цэлы шэраг камедыйных і сатырычных вобразаў як у класічным, так і ў сучасным рэпертуары. Цынічная мяшчанка з пранізлівым смехам і мітуслівымі рухамі – жонка Бодага са спектакля “Тэлевізійныя перашкоды” К.Сакані, істэрычная маці Святланы з аднаактоўкі “Любоў” Л.Петрушэўскай, бальшавіцкая фанатычка Нета са спектакля “Маскоўскі хор” Л.Петрушэўскай. Асаблівай папулярнасцю ў гледача карысталіся персанажы са спектакляў, пастаўленых па сучасных п’есах. Найбольш значныя з іх: Жабіна (“Жаночы стол у паляўнічай зале” В.Мярэжкі),  Ганна Харошых (“Летась у Чулімску” А.Вампілава), Жонка Бодага (“Тэлевізійныя перашкоды” К.Сакані), пані Конці (“Сола для гадзінніка з боем” О.Заградніка). Запамінальныя вобразы створаны ў спектаклях, пастаўленых па класічных творах: Івета (“Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта), Ганна Усцінаўна (“Багна” А.Астроўскага), лэдзі Глостэр, Карміліца (“Генры У1”, “Рамэа і Джульета” У.Шэкспіра), Варвара Іванаўна (“Касатка” А.Талстога).
Актыўна здымалася ў кіно. Сярод найбольш папулярных кінавобразаў: Ульяна Юрская (“Нядзельная ноч”), Маці (“Дажджы пройдуць па ўсёй тэрыторыі”, “Паводка”), Сарока (“Людзі на балоце”).
Апошнія работы на коласаўскай сцэне – сведчанне высокага прафесійнага майстэрства заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Іванаўны Пісаравай. Прыгадаем спектаклі: “Мая бяда, маё каханне” М.Каляды (Таіса), “…Таму што люблю…” А.Паповай (Маці), “Зямля” паводле творчасці Якуба Коласа (Маці), “Праўда – добра, а шчасце лепш” А.Астроўскага (Філіцата), “Сон на кургане” Янкі Купалы  (Маці).У 2002 годзе актрыса ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.


Светлая памяць пра цудоўнага чалавека, клапатлівую маці, любячую жонку, таленавітую актрысу назаўсёды застанецца ў сэрцах тых, хто ведаў Людмілу Іванаўну, працаваў разам з ёю.
Развітанне з Людмілай Іванаўнай Пісаравай адбудзецца 25 мая 2011 года з 11 да 13 гадзін у вялікай глядзельнай зале Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

Коласаўцы.

 

 

читать все новости Витебска >>>