ТАЯ, ШТО ТАНЦАВАЛА НА РАДЗІВІЛАЎСКІМ ПАРКЕЦЕ


Аўтапартрэт заслужанай артысткі


“Артысту тады добра, калі ён адчувае сябе патрэбным: у тэатры, у рэпертуары,” – ў гэтым перакананая заслужаная артыстка Беларусі Тамара Уладзіміраўна Скварцова. Пра Тамару Скварцова часта пачуеш: “Самабытныя, каларытныя актрыса!”. І з гэтым не паспрачаешся, прыгадваючы яе  яскравыя ролі ў тэатры і кіно, такія як вобраз яе Аксюты ў беларускай дзевяцісерыйнай кінастужцы рэжысёра Ігара Дабралюбава “Плач перапёлкі”.

Яе творчы лёс шчыльна звязаны з двума беларускімі тэатрамі – тэатрам імя Янкі Купалы ў Мінску і Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа ў Віцебску. У апошнім актрыса працуе ўжо роўна сорак год. Сёлета яна адзначае і свой асабісты юбілей. З нагоды такой падзеі 12 сакавіка Тамара Скварцова зноў выйдзе на сцэну Коласаўскага тэатра ў адной са сваіх улюбёных роляў – ролі былой опернай спявачкі Джын Хортан. У Коласаўскім тэатры будуць іграць “Квартэт” Рональда Харвуда.

Пра тое, як складваецца шлях артыста, чым ён жыве, у што верыць расказала сама актрыса. Як высветлілася, Тамара Скварцова выдатна валодае мовамі, захапляецца творчасцю Вікцюка і імпрэсіяністамі.. Яна бясконца любіць балет, няроўна дыхае да Джэка Нікалсана,  Дзюрэра і Брэйгеля і, між іншым, ачароўвае П’ера Кардэна. Яна вучыць дзяцей сумленню, аджывае душою ў казкачных спектаклях і пакланяецца сонейку і высокаму таленту. Уладная, але чуллівая, энэргічная, але глыбока-разважлівая!...

Мясціны

Жаданне быць актрысай праходзіла ніткай праз усё жыццё Тамары. Няўрымслівасць натуры праяўлялася зрання. “Калі мне было тры гады, прыходзячы да суседзяў, я адразу прадстаўлялася “Я – Тамара-артыстка!”. Чытала дзеля іх і спявала. А мяне частавалі цукеркамі і пернікамі.”

Яна рана паехала са сваіх родных мясцінаў на Случчыне -  вучыцца ў Нясвіж. “Мая школа месцілася ў гмаху, які раней належаў жаночаму манастыру. Я любіла свой Нясвіж! Там акумулявалася вялікая мастацка-гістарычная спадчына і “было за што зачапіцца і воку, і душы”. Атмасфера старажытненькага, невысокага гарадка, старая ратуша, шыкоўныя залі Нясвіжскага замка, па якіх мы блукалі і захапляліся цудоўнымі старадаўнімі карцінамі, пакоі, дзе жылі, дзе штодня сядалі за стол Радзівілы (а на той час там яшчэ ўсё гэта захавалася) - заварожкала. Я нават танцавала на Радзівілаўскім паркеце!”

Рашэнне Тамары паступаць на акцёрскае аддзяленне ў тэатральны інстытут нікога не здзівіла. Але лёс вырашыў іначай: дзяўчына не прайшла конкурс. Каб не губляць год, яна падае дакументы на філалагічны факультэт і … адразу ж далучаецца да студэнцкага тэатра! Ужо тады ёй прапаноўвалі галоўныя ролі. “Я лічу, што наш самы выбітны спектакль тых часоў – “Вестсайдская гісторыя” паводле кінасцэнара аднайменнага кінафільма Бернстайна. Я выконвала там ролю Аніты – пуэртарыканкі. Памятаю, як шыла для яе “а-ля гішпанскі” касцюм…з сітчыку!” “Вестсайдскую гісторыю”  не пакінула па-за ўвагай ні адна беларуская газета. І праз тое ўнутры ў пачынаючай артысткі ўсё завіравала,  забурліла…

Перакладчыца і студыйка

Студэнткай Тамара працавала перакладчыцай спачатку ў “Спадарожніку”, а пазней - у Інтурысце: вазіла польскія групы па ўсім былым Савецкім саюзе. Але мара быць сапраўднай артысткай нікуды не адыходзіла. Раптам яна дазнаецца пра новы набор у студыю пры тэатры Купалы і не вагаючыся накіроўваецца туды. “Мяне прынялі. А быць студыйкай – гэта заняткі штораніцу і ўвечары спектаклі, дзе цябе займаюць у масавых сцэнах. Выкладчыкамі ў нас былі незабыўныя Леанід Рахленка, Барыс Эрын, Зінаіда Браварская, Барыс Луцэнка. А потым мне  далі ролю! Я іграла ў “Трыбунале”, у другім складзе. У гэты дзень прыйшоў глядзець спектакль Пётр Машэраў. Першы раз на сцэне, у ролі, у Купалаўскім тэатры – а ў ложы, якая пагрозліва навісла над сцэнай, - Машэраў!... Што рабіць? Як не зніякавець? Потым казалі, што ўсё ж добра сыграла – са страху, напэўна! (смяецца)”

Ад Купалы – да Коласа…

У Купалаўскім тэатры яе лёс не склаўся –прыехаў рэжысёр з Масквы і не зразумеў яе - актрысы з  відавочнымі самабытнымі, нацыянальнымі рысамі. Але на той час, у Мінск з гастролямі завіталі коласаўцы. “Мне спадабаліся іх спектаклі. Галоўны рэжысёр Коласаўскага тэатра прыйшоў паглядзець наш “Трыбунал”, я спадабалася яму, мяне паслухалі на мастацкай радзе і прынялі.” Так Тамара апынулася ў Коласаўскім тэатры і… засталася – і вось ужо сорак год яна яго неад’емная часцінка!

Яе вобразы

Цікава, што адразу, як Тамара прыйшла ў Коласаўскі тэатр, ёй далі ролю маці актрысы, старэйшай за яе на пятнаццаць год! Грыму даводзілася накладаць багата. А потым яе гераіні пачалі раптоўна маладзець. Пэўна, гэта залежыла ад бачання рэжысёра.

Нельга сказаць, што актрыса калі-небудзь падзяляла рэжысёраў на тых,з кім падабаецца працаваць, і з кім – не. Праца з кожным для яе непаўторны вопыт: “Мне неверагодна пашчасціла іграць у спектаклях Барыса Эрына (“Мае надзеі”, “Хам”, “Метамарфозы кахання”). Да таго ж, я яго былая вучаніца! Мне падабалася, што ён працуе “па школе”, дакладна вырашае дзеянне на сцэне.

Роля Марцэлі ў спектаклі “Хам” – моцны, глыбокі вобраз жанчыны, якая, ўсё ў жыцці страціла, але здолела захаваць сваю чалавечую годнасць -вельмі дарагая мне.  Я ўдзячная і Валерыю Маслюку  за тое, што даверыў мне цудоўную ролю Агаф’і Ціханаўны ў спектаклі “Жаніцьба” М.Гогаля . Першым маім партнёрам па спектаклі “Жаніцьба”  стаў знакаміты Уладзімір Куляшоў.”

Калі ў тэатр прыйшоў Віталь Баркоўскі – а гэта новая рэжысёрская плынь, у Тамары Скварцовай з’явіліся ролі іншага плану: яна сыграла ў трох п’есах Уладзіміра Драздова пра беларускіх мастакоў - Шагала, Пэна і Суціна. Спектаклі гэтыя адметныя сваёй тэматыкай: такога на Беларусі раней не ставілася! Ды і ішлі яны на эксперыментальнай сцэне – а гэта іншае вымярэнне, дзе ты твар у твар з гледачом.

Спектакль “Пісьменныя” ўзнік у тэатры амаль неспадзёўна. Коласаўцаў адзначаюць падчас чыткі перакладаў нямецкіх п’ес у Інстытуце Гётэ, і Віталь Баркоўскі вырашае зрабіць пастаноўку. “Паводле задумы рэжысёра, у спектаклі ўсе героі дзівакаватыя, але без гэтага не атрымалася б выразіць  глыбокія філасофскія думкі спектакля: што такое культура, што такое людзі культуры, да чаго яны імкнуцца і ўва што культура ператварылася сёння. Мяркую, гэта вельмі надзённая пастаноўка.”

Са спектаклем “Шагал…Шагал…”, у якім Тамара Скварцова выконвае ролю суседкі Сцяпанаўны, тэатр шмат паездзіў па свеце: Лондан, Парыж, Кёльн, Венецыя, Нью-Ёрк... “Але асабліва запомнілася, як нас прымалі ў Эдынбургу. Можа таму, што гэта горад фестываляў, і публіка там “зараджаная” на новыя сустрэчы і спектаклі. Памятаю, як мы ладзілі там перформанс - хадзілі па вуліцах Эдынбурга, трымаючы макеты Віцебскіх домікаў са спектакля.  Некаторыя гледачы прыходзілі на наш спектакль па некалькі разоў! Я запыталася ў аднаго сталага шатландца, чаму ён глядзіць нас ужо трэці раз і ён адказаў: “Пра Шагала я нешта чуў, але што такое Беларусь, Віцебск – для мяне цёмна. Але цяпер я маю пра іх добрае ўяўленне.”

Міхась Краснабаеў даў мне ролю Секліты ў спектаклі “За двума зайцамі, і я з задавальненнем сыграла гэтую украінскую “бой-бабу”, Ігар Лізянгевіч – ролю Марыны ў “Вішнёвым садзе” – і я атрымлівала асалоду ўвасабляючы на сцэне яе - жанчыну, у якой пра ўсё баліць душа.”

Хаця Тамара няшмат іграла ў спектаклях для дзяцей: напачатку – у казачцы “Жыла-была Сыраежка” і праз вялікі перапынак – у дзіцячай пастаноўцы “Вядзьмарка і дыназаўрык”, яна атрымлівае вялікае задавальненне, іграючы ў казках. Яна лічыць, што “гэта - як кавалачак твайго дзяцінства, ты раптам сам становішся іншым чалавекам: чыстым, светлым, і ўвесь негатыў некуды знікае.”

Апошнія ролі Тамары Скварцовай – відавочнай філасофскай скіраванасці. Актрыса вельмі ўдзячная Рыду Таліпаву, які так раптоўна пайшоў з жыцця, за тое, што ён падарыў ёй магчымасць увасобіць на сцэне нязвыклы для сябе вобраз – былой опернай спявачкі Джын Хортан у прэм’ерным спектаклі гэтага сезона “Квартэт”. “У Джын Хортан ёсць партытура ролі, і таму іграць яе надзвычай цікава.” Цікава, пэўна, і гледачу: назіраць, як напачатку ганарыстая дзіва паступова змяняе сваё стаўленне да рэчаіснасці.

Сустрэчы

Падчас замежных паездак і гастроляў здараліся самыя незабыўныя сустрэчы! Неверагодна прыемным для Тамары стала знаёмства з П’ерам Кардэнам, у тэатры якога коласаўцы выступалі са спектаклем “Шагал... Шагал…” “На першую сустрэчу з Кардэнам я апранула чырвоную сукенку, бо гэта яго любімы колер! Як ён нас прымаў! Мы жылі ў гатэлі на Елісейскіх палях. П’ер Кардэн - надзіва просты чалавек, па якім не скажаш, што ён – стваральнік шматмільённай імперыі моды. Ад яго ідзе цеплыня!” Аднойчы, на тэатральны вечар коласаўцаў у Парыжы завітваў і сам Ален Дэлон.

Адна з самых знакавых для яе сустрэч – з рэжысёрам фільма Ігарам Дабралюбавым. Тамара дагэтуль з вялікай ўдзячнасцю ўзгадвае яго стаўленне да артыстаў. “Ён нас падымаў: на вушка нашэпча, як трэба рабіць, а потым абавязкова скажа: “Вы – геніяльны!” – і гэтак, відаць, кожнаму, і ад таго ў нас атрымаўся цудоўны акцёрскі ансамбль. Быў уздым – і працавалася лёгка! Пасля здымкаў ува мне перавярнулася стаўленне да сябе, я стала больш упэўненая, я троху разняволілася – і пайшлі значныя і цікавыя ролі.”

З шэрагу незабыўных таксама і сустрэча ў Менску з Раманам Вікцюком. “Я ездзіла глядзець яго спектакль “Саламея”. Пасля ў нас была добрая размова. Гэта чалавек-фантан, яскравая асоба. Мне вельмі імпануе яго творчасць. Я бачыла, як ён праводзіць рэпетыцыі: як  працуе з артыстамі, як “выцягвае” з іх максімум! Я лічу, што Раман Вікцюк – тэатральны геній. У канцы сакавіка ён зноў будзе ў Менску – я абавязкова паеду! У марах мне хацелася б працаваць у такога рэжысёра. Адчуваю: адна кроў!”

Артыст у сям’і

Сумяшчаць прафесію артыста і ролю добрай маці і жонкі – няпростая задача. Актрыса дагэтуль хвалюецца, што недадала ўвагі дзецямі. Але дочкам яна ніколі не жадала акцёрскага лёсу. “Гэта вельмі залежная прафесія: ад рэжысёра, ад таго, бачаць цябе ў ролі, ці не. А я цаню ў сабе чалавечую годнасць, і, па праўдзе, для мяне цяжкая такога кшталту залежнасць. Таму я вельмі задаволеная, што мае дочкі не пайшлі ў актрысы: адна стала мадэльерам-канструктарам, а другая – навуковы супрацоўнік.” Яе муж – дацэнт тэхналагічнага ўніверсітэта, таксама асоба творчая: грае на гітары, піша песні і дагэтуль час ад часу выступае са сцэны.

Зараз у Тамары Скварцовай ужо двое ўнукаў, з якімі бавіцца ўвесь вольны час. Яна любіць свята Пасхі, на якое заўсёды іграе сонейка, устае рана-рана, паглядзець, як яно радуецца Ўваскрасенню, раскідвае блікі па пакоі. “Чуллівасць засталася ўва мне і па сёння.  Я, як кажуць “над вымыслом слезами обольюсь”. Нават калі гляджу спектакль ва ўласным тэатры! Значыць, не зарубцавалася яшчэ душа…”

Запісала рэдактар літаратурна-драматычнай часткі
НАДТ імя Якуба Коласа Марына Пятрова

Фотаздымкі з архіва актрысы

 

 


 

читать все новости Витебска >>>