Зборнік артыкулаў пра мінулае Віцебска шукае мецэната
Напрыканцы чэрвеня завершыўся праект «Віцебск: папулярнае мінулае». Краязнаўцы, гісторыкі, археолагі, музейныя супрацоўнікі апублікавалі 24 папулярныя артыкулы па гісторыі нашага горада. Арганізатары праекта паўгады рэдагавалі тэксты, падбіралі ілюстрацыі, складалі мапу мясцінаў, згаданых у тэкстах.
Прыемным матэрыяльным вынікам справы стаўся набор паштовак з ілюстрацыямі Алеся Благій і спасылкамі на тэксты 13 аўтараў-удзельнікаў праекта. Акрамя паштовак, праект выпусціў у pdf-варыянце зборнік усіх артыкулаў, якія публікаваліся напрацягу 6 месяцаў. Цяпер арганізатары праекта шукаюць фундатараў, якія б зацікавіліся выданнем унікальнага ў сваім родзе зборніка на паперы.
Па словах Рамана Воранава, каардынатара «Віцебск: папулярнае мінулае», уся асноўная праца ўжо праведзена: «Зборнік сабраў тэксты лепшых даследчыкаў мінулага Віцебска і ваколіц. Гэта супрацоўнікі краязнаўчага музея Валерый Шышанаў, Вольга Давідоўская, Вера Рогач. Архівіст, кандыдат гістарычных навук Канстанцін Карпекін. Археолаг і супрацоўнік Акадэміі навук Лявон Калядзінскі. Добра вядомыя краязнаўцы Аркадзь Падліпскі, Іна Абрамава, Мікалай Півавар і шмат іншых.
Тэксты правераныя, зараз ідзе ўжо другая карэктура. Артыкулы багата «пераспісаныя» выяўленчым матэрыялам. Прычым некаторыя дакументы і малюнкі публікуюцца ўпершыню. Увесь гэты пласт акуратна звярстаў у кнігу вядомы графічны дызайнер Ігар Юхневіч. Такім чынам, ад фундатараў патрабуецца толькі дапамога з друкам».
Электронная версія кнігі ўжо знаходзіцца ў шырокім доступе, яе можна спампаваць. Чакаць камерцыйнай выгоды ад выдавецтва зборніка не варта. Але гэта станецца немалым унёскам у развіццё віцебскай навукі і культуры, а таксама ўласным іміджам мецэната. З пытаннямі і прапановамі аб супрацы можна звяртацца на e-mail: tajamnicy@yandex.ru (Раман Воранаў).
Аўтар: Дзяніс Рапапорт
Фота: Raman Voranau
На фота: паштоўкі і пробны асобнік зборніка артыкулаў “Віцебск: папулярнае мінулае”.